У сераду ў Каталіцкім Касцёле будзем перажываць Папялец (Папяльцовую сераду). Гэтым чынам распачынаем Вялікі пост – час саракадзённай падрыхтоўкі да самай вялікай урачыстасці – Уваскрасення Хрыста.
Вялікі пост – гэта час асаблівага суцішення і час задумы над сваім жыццём. Кожны хрысціянін прагне перажыць гэты час у больш глыбокай еднасці з Хрыстом. Перагледзіць свае адносіны да Бога і да іншага чалавека, які знаходзіцца побач. У час Вялікага посту ў касцёлах адбываюцца набажэнствы на ўшанаванне Мукі Езуса Хрыста: Крыжовы Шлях і Песні Жальбы. У парафіях праходзяць таксама рэкалекцыі — некалькі дзён асабліва прысвечаных Богу, малітве, разважанню над верай, жыццём і адносінамі з людзьмі. Важна памятаць, што пост — гэта не толькі малітва ,але таксама міласціна і добрыя ўчынкі.
Вялікі пост павінен паспрыяць перамене жыцця да лепшага праз малітву, ахвярнасць, добрыя ўчынкі, дапамогу патрабуючым. Таксама вялікую ўвагу чалавек павінен звярнуць асабіста на сваё сумленне, на свае заганы, якіх павінен пазбавіцца.
Вялікі пост распачынацца Папяльцовай серадой. Гэты дзень абавязвае сціслы пост. Сціслы пост — гэта якасны (устрыманне ад ужывання ў ежу мяса) і колькасны пост (трохразовае харчаванне, у якім толькі адзін раз — да сытасці). Сціслага посту трэба трымацца два разы ў год, у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу. Да сціслага посту абавязваюцца асобы ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў.
Падчас Эўхарыстыі існуе традыцые пасыпанне галоў попелам на знак пакуты. Святар чыніць гэты знак са словамі «Навяртайся і вер у Евангелле», якім заклікае верніка да большай рэфлексіі над свам жыццём і сваёй верай.
Няхай чарговы Вялікі пост, які мы распачынаем у гэтым годзе, дапаможа кожнаму з нас асабіста спазнаць бязмежную любоў Бога, які прагне навяртання кожнага грэшніка. Няхай гэты час будзе для кожнага з нас часам навяртання, які мы распачнем са споведзі, каб перажыць яго з Хрыстом. Няхай гэты час будзе часам, у якім мы ідзем разам з Езусам крыжовым шляхам, сустрэнем церпячага Хрыста у велікапоснай малітве Песні Жальбы. Няхай гэты час адновіць нашаю еднасць з Езусам і чалавекам, які побач з намі.