Святой Агаты

By | 04.02.2015

5 лютага — успамін Святой Агаты.

Паводле легендаў святая Агата паходзіла з багатай сям’і з Катаніі на востраве Сіцылія. У маладосці прыняла хрысціянства і захоўвала цноту. Аднак у яе закахаўся Квінтыліян, які пачаў пераслед святой. Агата вытрымала зневажанне публічным домам, турмой і катаваннямі. Яе падтрымлівалі малітвы. Маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць чыстасць і вернасць Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 г.

Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой. Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў. Яе культ хутка распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а імя святой згадваецца ў Рымскім Каноне. Найстарэйшыя звесткі пра культ Святой Агаты адносяцца да IV ст.

Успамін Святой Агаты 5 лютага, згодна з традыцыяй у дзень яе ўспаміну асвячаецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада.