Жывы Ружанец

Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца на Ружанцы: кожная асоба адмаўляе адну таямніцу. Гэтую супольнасць называюць «Ружамаю».

Супольнасць Жывога Ружанца была заснавана Палінай Жарыко ў Францыі ў 1826 годзе. «Самая складаная і самая цяжкая справа — зрабіць Ружанец малітваю ўсіх, — пісала яна тады, — аднак кожны чалавек можа знайсці на працягу дня некалькі хвілін, каб прачытаць дзесятку Ружанца, гэта значыць адну таямніцу».

Паліна Жарыко пачала арганізоўваць групы па пятнаццаць чалавек, якія пазней былі названыя «Жывымі Ружамі». Кожны з членаў групы павінен быў адмаўляць адну таямніцу, такім чынам, усе разам штодзённа маліліся ўвесь Ружанец. Непрачытаная таямніца — гэта не грэх, а страта заслугі. Мэта Таварыства Жывога Ружанца, паводле заснавальніцы, — падтрымка праз малітву, духоўную і матэрыяльную ахвяру місійнай дзейнасці Касцёла. Справу Паліны Жарыко падтрымалі многія біскупы, а генерал закону дамініканаў далучыў Таварыства Жывога Ружанца да вялікай Дамініканскай ружанцовай сям’і, у якую ўваходзілі Ружанцовае брацтва і Вечны Ружанец. Папа Грыгорый ХVІ адобрыў Таварыства Жывога Ружанца, якое ў хуткім часе распаўсюдзілася ва ўсёй Францыі, а потым ва ўсім свеце. Праз пяць гадоў Паліна Жарыко пісала: «Колькасць людзей, якія моляцца дзесятку Ружанца, расце з неверагоднай хуткасцю ў Італіі, Швейцарыі, Бельгіі, Англіі і многіх рэгіёнах Амерыкі… Усюды, дзе ствараюцца Таварыствы Жывога Ружанца, можна заўважыць незафіксаванае раней умацаванне дабра. Паступова мы становімся з’яднанымі ў малітве з усімі людзьмі свету».

Распачынаючы 25-ы год свайго пантыфікату, Слуга Божы Ян Павел ІІ у апостальскім лісце «Ружанец Панны Марыі» абвясціў Год Ружанца. Вялікі Папа, верны прыхільнік ружанцовай малітвы, увёў новую частку Ружанца — таямніцы святла, — якая ахоплівае гады публічнай дзейнасці Езуса, «каб Ружанец больш абгрунтавана можна было назваць пераказам Евангелля».

З таго часу Ружанец налічвае 20 таямніцаў, таму «Жывыя Ружы» складаюцца цяпер з дваццаці чалавек.

«Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца», — пісаў Ян Павел ІІ.

Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён складаецца не толькі з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Сяброўства з Богам нельга дасягнуць адразу, але разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога. Ружанцовая малітва патрабуе ведання асноўных праўдаў веры і адначасова «ўтрымлівае» нашу памяць, нашу ўвагу на найважнейшых падзеях, якія паўплывалі на наш лёс тут на зямлі і ў вечнасці, на збаўчых падзеях з жыцця Езуса і Найсвяцейшай Маці. Ружанец, які мы молімся, пераходзячы ад таямніцы да таямніцы, паглыбляе нашу веру і вучыць нас, што і мы павінны перажываць падзеі нашага жыцця такім жа чынам, каб гэта хоць крыху было падобна да таямніцаў нашага збаўлення, над якімі мы разважаем.

Паводле старонкі Catholic.by

 

У нашай супольнасці парафіальнай існуе Ружа жывога ружанца:

Ружа Маці Божай Ларэтанскай

 

 Інтэнцыі Святога Айца на люты 2015 г.:

Агульная: Каб вязні, асабліва маладыя, мелі магчымасць нанова вярнуцца да годнага жыцця.

Місійная: Каб сужэнцы, якія развяліся, знайшлі разуменне і падтрымку ў хрысціянскай супольнасці.

Інтэнцыя парафіальная: Каб у нашых сем’ях панавала: любоў, разуменне, пашана і еднасць.