Святога Блажэя

3 лютага — успамін Святога Блажэя.

Імя святога Блажэя вядома католікам дзякуючы таму благаслаўленню, якое ўдзяляецца на яго свята. У час благаслаўлення святар, трымаючы ў руках дзве скрыжаваныя свечкі, моліцца: “Няхай Бог праз заступніцтва святога мучаніка Блажэя вызваліць цябе ад усялякіх хваробаў горла і ад усялякага зла”.

Адносна мала вядома пра жыццё святога Блажэя. У пераказе захаваліся толькі найважнейшыя моманты яго жыцця і асабліва яго мучаніцтва.

Святы Блажэй быў лекарам. Жыў у другой палове ІІІ стагоддзя, у Себасце (Арменія). Быў шчырым хрысціянінам і належаў да супольнасці вернікаў, якая ў тыя часы часта пераследавалася. Ён, багаты і паважаны чалавек, меў магчымасць сустракацца з беднымі, занядбанымі людзьмі і рознымі спосабамі дапамагаць ім. За прыкладныя, цнатлівыя паводзіны яго паважалі ва ўсіх грамадскіх асяродках.

Калі ў Себасце памёр біскуп, вочы ўсіх скіраваліся на Блажэя: людзі хацелі бачыць яго начале хрысціянскай супольнасці. На сваім новым адказным месцы біскупа Блажэй стараўся з усіх сіл, каб умацаваць хрысціянаў і весці іх да святога жыцця ў веры.

Калі кесар Канстанцін Вялікі атрымаў перамогу над Ліцыніем, пераможаны пачаў са злосцю і нянавісцю пераследаваць хрысціянаў, каб супрацьстаяць Канстанціну, які добра і спагадна ставіўся да хрысціянаў. Некаторыя супольнасці вельмі шмат выцерпелі. Ворагі веры найперш імкнуліся знішчыць біскупаў і святароў, бо мелі надзею такім чынам перамагчы хрысціянаў. Па просьбе людзей біскуп Блажэй пакінуў горад і нейкі час хаваўся ў адзінокай скальнай пячоры, пасылаючы адтуль сваім вернікам словы адвагі і суцяшэння. Аднак намеснік Аргіцалай знайшоў біскупа, і Блажэй быў пастаўлены перад судом.

Напачатку намеснік хацеў па-добраму скончыць гэтую справу. Калі ж не дабіўся свайго, пачаў пагражаць і шалець ад злосці. Але і гэта не дало чаканага выніку — Блажэй быў нязломны. Намеснік загадаў кінуць яго ў вязніцу, каб скарыць ягоны дух. Аднак няволя дала біскупу магчымасць навярнуць да праўдзівай веры ўсіх, хто разам з ім знаходзіўся ў вязніцы. Вернікі прыносілі да яго дзяцей і прыводзілі розных няшчасных. Блажэй суцяшаў іх, багаслаўляў, аздараўляў. Да яго прывялі хлопца, які праглынуў асціну. Ён ужо быў блізкі да смерці, бо мог задыхнуцца. Біскуп яго паблагаславіў, і хлопец адразу ж выздаравеў.

Аргіцалай тройчы спрабаваў перамагчы трывалага ў веры біскупа, але ўсе ягоныя намаганні былі дарэмнымі. Блажэя білі розгамі і палкамі, жалезным грэбенем адрывалі кавалкі цела. Затым здзекі яшчэ больш узмацніліся. Урэшце суддзя загадаў забіць ужо цалкам замучанага Блажэя, з цела якога бруілася кроў. Яму адсеклі мечам галаву.

Гісторыя святога Блажэя і ўшанаванне яго памяці сталі адразу ж вельмі папулярныя ў краінах Усходу. На Захадзе ягоны культ распаўсюдзіўся з часоў крыжовых паходаў.

Святы Блажэй з’яўляецца апекуном лекараў і хваробаў горла. На старых абразах яго можна ўбачыць з дзвюма свечкамі ў руках альбо з жалезным грэбенем у руцэ, які нагадвае пра мучэнні святога. Ёсць абразы, на якіх пакутнік трымае рукі на галаве і вуснах хлопца, што кленчыць перад ім.

Святы Блажэй быў замучаны ў 316 годзе.

Паводле adonai.pl
Пeрaклaд Iрэны Задарожнай