ЗВАРОТ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ

“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана” (Мк 11, 9).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Як паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Беларусі, 12-15 лютага 2015 г. нашу Краіну, па запрашэнні дзяржаўных уладаў, наведае Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка Яго Эмінэнцыя Кардынал Пьетро Паралін. Візіт найбліжэйшага супрацоўніка Пантыфіка – гэта знак павагі Апостальскай Сталіцы і асабіста Пантыфіка да Беларусі і Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне.

Падчас візіту Кардынал Пьетро Паралін сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і іншымі высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі, а таксама асвяціць вуглавы камень будуючайся Апостальскай Нунцыятуры. У праграме візіта дастойнага госця прадугледжана сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Асаблівае значэнне будуць мець яго сустрэчы з моладдзю і вернікамі.

14 сакавіка 2015 г. у касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску а 20.00 гадзіне з удзелам Кардынала Пьетро Параліна распачнецца Міждыяцэзіяльнае велікапоснае начное чуванне моладзі пад дэвізам: “Не адкладвайце навяртання” (Сір 5, 7). На наступны дзень 15 сакавіка а 10.00 гадзіне Кардынал Пьетро Параліна ўзначаліць св. Імшу з удзелам дзяцей у Мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў маліцца аб поспеху гэтага візіту і заклікае прыняць актыўны ўдзел у вышэй узгаданых набажэнствах. Асабліва запрашаюцца моладзь і дзеці на сустрэчу і малітву з Кардыналам Пьетро Паралінам.

Маладыя людзі, прыйдзіце і засведчце прадстаўніку Святога Айца, што вы ёсць у Касцёле і што Касцёл у Беларусі малады і поўны надзеі! Бацькі, зрабіце ўсё магчымае, каб вашы дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі гэтай важнай падзеі ў жыцці нашага Касцёла!

Вы – будучыня нашай Айчыны і будучыня Касцёла. Яна будзе радаснай і светлай, калі мы яе будзем будаваць на хрысціянскіх каштоўнасцях. Няхай сустрэча з пасланнікам папы Францішка і супольная малітва стане благаслаўлёным часам для ўсіх нас як падчас Вялікага посту, так і ў нашым жыцці.

 

Каталіцкія біскупы Беларусі